bacharevic (bacharevic) wrote,
bacharevic
bacharevic

Гастранамічны патрыятызм

Адзін з жончыных франдоў упэўнены ў тым, што МАЛАСОЛЬНЫЯ АГУРКІ ў Заходняй Эўропе невядомыя. Абдзеленыя бедныя заходнеэўрапейцы гэтым дэлікатэсам, лічыць ён і з гонарам апісвае спрадвечны беларускі хрумст. 

Гастранацыяналістаў, ахвяраў стэрэатыпаў такога кшталту, разьвялося ў сеціве багата. Задаволена прычвяківаючы і шчасьліва парыгваючы, гастранацыяналіст думае, што сала, часнык, агуркі, капуста, піханая пальцам і крывяная каўбаса, марынаваныя грыбы і г.д.  у Эўразьвязе забароненыя, а рэцэпты спаленыя брусэльскай інквізыцыяй. За сваім спрадвечным хрумстам неяк ня чуеш, што ядуць суседзі.  Ды й ня хочацца чуць. Прыемней уяўляць сабе Эўропу як суцэльную Е666. А сябе - як апошні аплот і прытулак нездаровай смачнай ежы проста з улоньня прыроды.  

Між тым, такія агуркі тут лічацца ледзь не нацыянальнай стравай. Падчас народных фэстаў іх прадаюць, вылоўліваючы проста з бочак. Тут ёсьць смачнае сала і вяндліна, і вясковая каўбаса, і самагон, і шмат чаго яшчэ таго, на што моляцца беларускія гастранацыяналісты. А беларускага хрумсту з Заходняй Эўропы неяк не чуваць.
 
Гамбург - горад заходні. Нашмат больш заходні за, прыкладам, Бэрлін. А ежа, вядома ж, справа густу. Але калі ўсё ж паддацца гастранацыяналістам, забыцца на расейскія крамы і сутыкнуць лоб у лоб беларускую і гамбургскую ежу, то ў выніку будзе, хутчэй за ўсё, нічыя.

Маленькая ванітоўная оргія. На мой погляд:

Тут нясмачны, у параўнаньні зь беларускім, маянэз, затое значна смачнейшыя пяльмені. 
Тут цудоўныя сасіскі, зь беларускімі не параўнаць - затое тут не ядуць курэй, адных пеўняў, а ў пеўня ня той смак. 
Тутэйшыя шынка ды вяндліна б'юць беларускія - затое ў Беларусі ёсьць глазураваныя сыркі, а тут няма. 
Тут абсалютна вундэрбар марозіва, любое, у любой краме, у любой айсдыле - а ў  Менску на вакзале ёсьць чабурэкі, смажні, піражкі зь мясам. 
Тут гарэлка лепшая, чысьцейшая, мякчэйшая - але ў ёй 37,5, а павінна быць сорак, як у Беларусі. 
Тут ёсьць сапраўдны высакародны марцыпан - а ў Беларусі нарачанскі хлеб, найлепшы, як на маю думку, чорны хлеб усіх краін і народаў. 
У параўнаньні з тутэйшымі макаронамі беларускія - бледныя прэсныя сьлізні, затое ў Беларусі  можна без праблем набыць грэчку. 
Тут добрая сьмятана - а ў Беларусі вельмі добрая. Тут, праўда, дранікі ядуць зь яблычным сочывам, чаго я асабіста не разумею. 
Тут перад ратушай прадаюць каўбаскі кары і наліваюць глінтвэйн - а ў Менску перад Домам ураду стаіць нясьвежы Ленін і нічога не налівае.
Тут з ранку да вечара сьвежыя булачкі ў неверагодным асартымэнце - затое няма лясных ягадаў, адно садовыя. 
Тут лепшае піва - там затое ёсьць квас, якім тут і ня пахне. У "Бульбянай" на праспэкце Скарыны нават імбірны.
Тут на кожнай вуліцы - закусачныя з самай разнастайнай кухняй: пераважна, праўда, італьянскай, турэцкай, віетнамскай, грэцкай і партугальскай, а ў Беларусі кухня пераважна беларуская. І я яе люблю. 
 
Tags: беларусь, нямеччына
Subscribe

  • Тут Родас, тут і скачу

    Паліцыя Гамбургу. Існуе і такі сэрыял. *** Добры дзеяслоў: zuzeln. Пачуў яго ўлетку ад жончыных сяброў. Прыдатны таксама для азначэньня чалавечых…

  • Напрыклад,

    вёска Аплеўніца ў Пухавіцкім раёне -- была Аплеўніца, стала Ягадная. А в. Блевачы Бярэзінскага раёна -- зрабілася Прыбярэжнай. Было ў Нясьвіскім…

  • Listapad. Asabistaje

    Лістапад зьмясьціў у сябе багата розных падзеяў. У лістападзе выступіў у горадзе Грайфсвальдзе на фэсьце "Junge Literatur in Europa" і…

  • Post a new comment

    Error

    Comments allowed for friends only

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 39 comments

  • Тут Родас, тут і скачу

    Паліцыя Гамбургу. Існуе і такі сэрыял. *** Добры дзеяслоў: zuzeln. Пачуў яго ўлетку ад жончыных сяброў. Прыдатны таксама для азначэньня чалавечых…

  • Напрыклад,

    вёска Аплеўніца ў Пухавіцкім раёне -- была Аплеўніца, стала Ягадная. А в. Блевачы Бярэзінскага раёна -- зрабілася Прыбярэжнай. Было ў Нясьвіскім…

  • Listapad. Asabistaje

    Лістапад зьмясьціў у сябе багата розных падзеяў. У лістападзе выступіў у горадзе Грайфсвальдзе на фэсьце "Junge Literatur in Europa" і…