?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Пра кнігі


Прывёз зь Менску кнігі. Некаторыя купіў, некаторыя атрымаў у падарунак, некаторыя забраў з хатняй бібліятэкі.

Уладзімір Сьцяпан. „Вежа”
Сяргей Балахонаў. “Імя грушы”
Вера і Віктар Жыбулі. “Забі ў сабе Сакрата”
Марыя Мартысевіч. “Цмокі лятуць на нераст”
Павал Касьцюкевіч. “Душпастарскія спатканьні для дачнікаў”
Ал
яксей Талстоў. “Бег”
Серж Мінскевіч. “Я з Бум-Бам-Літа”
М
іхась Южык. “Мёртвае дрэва”

Уладзімір Сьцяпан. „Вежа”

Наколькі я разумею, гэта першая кніга Ўладзіміра Сьцяпана. Выдадзеная яна была ў 1990 годзе, а купіў я яе ў 1992, калі сканчаў школу. Памятаю, што тады быў у захапленьні.

І вось перачытаў гэты зборнік праз сямнаццаць гадоў. І зноў не расчараваўся. Выдатная проза. Дваццаць апавяданьняў, сярод якіх няма ніводнага слабога, ніводнага няўмелага або лішняга. Бліскуча зробленыя канцоўкі. Стрыманасьць, недагаворанасьць, уважлівасьць. І яшчэ: здавалася б, тады многія грашылі публіцыстыкай (час быў такі) і сёньня тэксты тых гадоў мусілі калі не паблякнуць, то, прынамсі, падацца наіўнымі. Аднак пра “Вежу” гэтага ня скажаш, зборнік і цяпер заслугоўвае пачэснага месца сярод нешматлікіх узораў добрай беларускай прозы. А ўсё таму, што ў той нэрвовы і набрынялы палітыкай час аўтар гэтай невялікай кніжкі ня дбаў пра актуальнасьць, а пісаў пра вечнае – заставаўся найперш мастаком.

 

Сяргей Балахонаў. “Імя грушы”

Гэтая кніга патрапіла да мяне ў рукі некалькі гадоў таму адразу ж пасьля яе выхаду. Тады я, наіўны, усё яшчэ лічыў, што існуюць нейкія літаратурныя барыкады і мы з аўтарам “Імя грушы” знаходзімся па розныя іх бакі. Таму кнігу гартаў, не забываючы пра гэтую акалічнасьць, што перашкодзіла мне ўспрыняць яе так, як яна таго заслугоўвае.

А заслугоўвае яна самай высокай адзнакі. Спачатку “Імя грушы” прачытала жонка і была ўражаная. Потым кнігу перачытаў я і з жонкаю цалкам пагадзіўся. Калі на сьвеце існуе беларускі літаратурны постмадэрнізм, то няхай ён будзе вось такім. Кожнаму б накрасьці з гэтай кнігі словаў, слоўцаў і выразаў, кожнаму б павучыцца ў аўтара так прадумваць твор, кожнаму б такі талент прымушаць чытача верыць у тое, чаго ніколі не было. Кожнаму б такую Беларусь, як у Сяргея Балахонава.

Але ж так не бывае, каб кожнаму...

 

Вера і Віктар Жыбулі. “Забі ў сабе Сакрата”

Як заўжды, усё таленавіта, замагільна-жыцьцярадасна і складзена зь дзіцячых кубікаў супярэчнасьцяў. І Вера, і Віктар займаюцца тым жа, чым і тры, і пяць, і сем гадоў таму. Тое, што сабранае ў гэтай кніжачцы, ня менш і ня больш цікава за папярэдняе. Так можна пісаць да бясконцасьці, выклікаючы замілаваныя ўсьмешкі і крыкі “Брава!”

 

Марыя Мартысевіч. “Цмокі лятуць на нераст”

На мой асабісты погляд, Марыйка Мартысевіч – самае яскравае імя з тых, што зьявіліся за апошнія некалькі гадоў у беларускай паэзіі. Яе вершы цалкам адпавядаюць маім уяўленьням пра сапраўдную паэтычную творчасьць. А тое, як яна піша эсэ, толькі ўзмацняе агульнае ўражаньне. Яе вершы бачыш, чуеш, яны не крычаць, але мякка вібруюць – і пры гэтым ніякае позы, ніякае штучнасьці, ніякай завэрлібраванасьці. Да таго ж гэта сапраўдныя стэрэатэксты – якія мала каму ўдаюцца. Марыйка бярэ ад клясычнае традыцыі роўна столькі, колькі трэба, астатняе ў яе сваё – вельмі арыгінальнае і ўчэпістае.

А яшчэ: такое адчуваньне, што калісьці я блукаў па гэтых вершах, па іхных пакоях, пад’ездах і вулках. У сьне, ці што. Напэўна, такое адчуваньне маю ня толькі я.

З аднаго верша Марыйкі я ўзяў радок у якасьці эпіграфа да свайго новага тэксту.

 

Павал Касьцюкевіч. “Душпастарскія спатканьні для дачнікаў”

Для мяне гэтая кніга – прыемнае адкрыцьцё ў беларускай прозе. Напісаная яна па-майстэрску і зь нетутэйшай падступнасьцю. Праўда, часам нагадвае Керэта, аўтарам жа і перакладзенага, але ж Керэт – ня горшы прыклад для перайманьня. Праўда, часам я проста не разумею, пра што піша аўтар, але ж гэта мая, а ня аўтара, праблема.

 

Аляксей Талстоў. “Бег”

Аўтар раману “Бег” рухаецца ў правільным накірунку, гэта бясспрэчна. Шукае, злуецца, торгаецца, не спыняецца – карацей, бяжыць, як тая Лола (ці, правільней, Лёля). Unterwegs забівае ўласнаручна створаны тэкст – і не абарочваецца, як і належыць маладому чалавеку.

Кніга выглядае ня вельмі ўдала. Такое адчуваньне, што аўтару падчас напісаньня твора ўвесь час нехта актыўна замінаў. Я вельмі люблю складаныя, дзікунскія мэтафары і незвычайныя эпітэты, але ж тыя, якія сустракаеш у рамане, часта задужа надуманыя, задужа ненатуральныя і грувасткія. І паменей бы аўтар чытаў розных навамодных парнографаў, розных бэгбэдэраў.

 

Серж Мінскевіч. “Я з Бум-Бам-Літа”

Вось жа прыклад таго, як чалавек заслужыў сваю кнігу. У Сержа душа заўжды балела за Бум-Бам-Літ, баліць і цяпер, і, магчыма, выданьне “Яго з Бум-Бам-Літа” неяк суцішыць гэты боль (я без іроніі). Кніга – выдатны помнік ББЛ; можа, ня той, які варта паставіць на галоўную плошчу, але той, які цалкам упрыгожыў бы самы прыгожы парк.

А яшчэ гэтая кніга – збор Сержавых тэкстаў розных гадоў. Яны, як ліхтары, асьвятляюць асобу аўтара з розных бакоў, бо там прэзэнтаваны Серж-празаік, Серж-паэт, Серж-мэмуарыст і яшчэ шмат усялякіх Сержаў.

У сваіх мэмуарах аўтар выкрывае і некаторыя моманты майго творчага жыцьця ў 90-ыя гады. Скажам, прыгадвае, як я еў дзьмухаўцы ў Доме творчасьці “Іслач”, запіваючы іх гарэлкай. На вачох у агаломшанай публікі, сярод якой – mein Gott! – “былі і іностранцы”.

 

Міхась Южык. “Мёртвае дрэва”

Панылае мармытаньне пакрыўджанай, пазбаўленай слыху і голасу істоты. Але адна дробязь мяне зацікавіла.

У Міхася Южыка сэксуальныя памкненьні герояў пазначаюцца з твору ў твор адным і тым жа цэтлічкам: “па-жывёльнаму”. Кшталту “ён хацеў яе па-жывёльнаму”, “аддацца па-жывёльнаму” і гэтак далей. Як спароўваюцца жывёлы, мы ўсе ведаем. Такім чынам, раз за разам пішучы гэтае “па-жывёльнаму”, аўтар відавочна мае на ўвазе генітальны кантакт у адпаведнай позе. Які ж сэкс, на думку пісьменьніка, можа называцца “чалавечым”? Аральны? Анальны? Нейкі яшчэ?

Comments

( 6 comments — Leave a comment )
pgrigas
Jan. 9th, 2009 08:52 pm (UTC)
Большасьць аўтараў - мае френды. Іншыя - таксама вядомыя асобы, да выхаду кнігі аднаго з іх я меў непасрэднае дачыненьне ("Прыкры крык"). Праўда, адзін з (былых) фрэндоў у іх лік патрапіў яўна памылкова (і непамылкова адтуль выляцеў).
Расейцы пра такіх кажуць - "УГ".
bacharevic
Jan. 9th, 2009 09:04 pm (UTC)
Вашую гісторыю з гэтым УГ я добра памятаю)

Большасьць з гэтых людзей таксама і мае фрэнды (апрача УГ, вядома ж). Некаторых ведаю асабіста. Але ў гэтым допісе я - проста чытач.
pgrigas
Jan. 9th, 2009 09:07 pm (UTC)
Сорамна, але я - не чытач. Ну, "амаль не чытач".

Цікава, як мяне можна назваць? Можа, "той, што наблатыкаўся" (ў сэнсе, што я маю шмат знаёмых сярод бел. літаратараў, але мала ведаю сучасную бел літаратуру)?
bacharevic
Jan. 9th, 2009 09:26 pm (UTC)
Па-мойму, быць чытачом неабавязкова. І ўжо зусім неабавязкова быць чытачом, знаёмым з сучаснай беларускай літаратурай)


bacharevic
Jan. 10th, 2009 11:51 pm (UTC)
А яшчэ маю кнігу Бруна Шульца "Цынамонавыя крамы". Але пра яе пазьней.
adam_hlobus
Jan. 11th, 2009 11:22 am (UTC)
"Вежа" кніга добра зробленая, словы ў ёй правераныя і пераправераныя. Кніга доўга пісалася, старана ўкладалася. Мне было прыемна прачытаць пра яе.
( 6 comments — Leave a comment )