You are viewing [info]bacharevic's journal

Next Entry

Durch
Якую ролю адыгрывае літаратура ў сучасным соцыюме? Дзе яе месца ў грамадзтве спажываньня, мэдыяў, глямуру й высокіх тэхналёгіяў? Як вы ставіцеся да літаратурных тэкстаў, якія зьмяшчаюцца ў інтэрнэце? Як падзяляеце, і ці падзяляеце наогул, літаратуру на сучасную ды актуальную?

 

Для мяне відавочна, што нейкі ўплыў на грамадзтва й працэсы, што ў ім адбываюцца, могуць рабіць хіба што літаратары, а не літаратура, якую яны ствараюць. Бо пісьменьнік становіцца грамадзка значнай фігурай часьцей за ўсё дзякуючы сваім інтэрвію, выказваньням па актуальных сацыяльных праблемах, публічным учынкам, скандалам і прызнаньням , палітычнай дзейнасьці, -- карацей, ён становіцца такім праз сваю актыўную грамадзкую пазыцыю. У бальшыні выпадкаў літаратура падобным пісьменьнікам патрэбная выключна для таго, каб выразіць як мага яскравей пэўныя свае ідэі ды перакананьні. Такімі былі нядаўна ўсе беларускія аўтары, ад аднаго Адамовіча да другога, нягледзячы на ўсё іхнае вонкавае непадабенства. Але й гэтае ўтылітарнае стаўленьне да творчасьці для іх неабавязковае – ня думаю, што прыхільнікі, напрыклад, Быкава насамрэч зачытваюцца ягонай сапраўды някепскай прозай: для іх важная роля Быкава ў супраціве лукашызму, для іх істотная высакародная сівізна Быкава, прозьвішча Быкава тлустым шрыфтам у якой-небудзь “Народнай волі”, трагічная постаць прарока etc.— надзвычай прыцягальныя для грамадзка заклапочанага чалавека й надта далёкія ад мастацтва рэчы. Такія “чытачы” ня могуць даўмецца да той простай ісьціны, што любы твор, няхай нават без намёку на палітыку, але напісаны таленавітым і ўнутрана вольным чалавекам, будзе біць па таталітарызму мацней за няздарную й просталінейную сатыру. Бо важна ня што, важна – як.

 

Натуральна, і ў маіх кнігах жыве сабе пажывае пэўная філязофія. Аднак яна хаваецца ў порах твору, яе можна ўдыхнуць, але нельга пабачыць. Галоўная й бадай адзіная мая задача – выклікаць у чытача эстэтычную асалоду, думаць і аналізаваць можна потым (таму лепш набываць кнігу ў кнігарні, а ня браць пачытаць). Дзевяноста дзевяць адсоткаў празаікаў упэўненыя, што ўсё мусіць быць наадварот. Іхны падыход для мяне зусім непрыймальны. Ганебна займацца бязьлітаснай эксплюатацыяй уласнай музы, замест таго, каб жыць зь ёй у складаным, часам балючым, мудрагелістым і ў той жа час непарыўным хаўрусе, штодня адкрываючы ў ёй, яшчэ соннай і напаўраспранутай, новую прыгажосьць.  Хаця – каму й Шамякін пісьменьнік: калі твая муза больш нагадвае экскаватар або калгасную кабылу, то й вынік будзе адпаведны.

 

Без усялякага “на жаль” я зазначу, што такіх пісьменьнікаў (а насамрэч звычайных журналістаў-публіцыстаў) заўсёды будзе абсалютная большасьць, як і добрых чытачоў заўсёды будзе мала. Таму й роля добрай літаратуры ў сучасным соцыюме ніколі ня будзе вызначальнай. Модна гэта або ня модна, чытаць кнігі – адказ на такое пытаньне для абываталяў (якія зьяўляюцца хрыбтом любое нацыі) будзе ў розныя часы розным, і даваць яго будзе халадзільнік; якія гэта будуць кнігі – вось што цікава мне асабіста. Адсюль рызыкоўная выснова: вялікая колькасьць чытачоў азначае заняпад добрай літаратуры. Бо папулярная кніга ня можа ня ўтрымліваць у сабе ўнушальнай дозы кан’юнктуры – разжаванае аўтарам лепей засвойваецца.

Разжаванае аўтарам… Супэрдынамічнае, нібы палёт зь першага паверху, апавяданьне, якое сам аўтар лічыць раманам, поўнае скамечаных клішэ, напісанае “простай, шчырай і даступнай мовай” (такой жа ўбогай, якой Л.Талстой напісаў свайго геніяльнага “Філіпка”), прыпраўленае порцыяй генэтычна мадыфікаванай крыві, гігіенічнага маладзёвага сэксу, псэўдаэлітарнай стомы, сапраўдных наркотыкаў і дэбільнага слэнгу, прысыпанае зьверху парачкай алюзіяў з выпадкова пагартанай разумнай кніжкі. Вось літаратура, якая займае ў сучасным соцыюме трывалыя пазыцыі й не зьбіраецца пакуль іх саступаць. Лёгка чытаць, лёгка забыць.

 

            Добры чытач, беручы ў рукі добрую кнігу, мусіць забыць, што ён частка сучаснага соцыюму, настроенага на паглынаньне хуткай і разнастайнай інфармацыі. Цяжкая дыета, але ж на тое ён і добры чытач, каб умець заставацца з кнігаю сам-насам, каб хавацца ў ёй ад грамадзтва спажываньня, мэдыяў, глямуру й гэтак далей. Магчыма, ён сустрэне іх у кнізе, аднак там яны будуць адно дэкарацыямі, яны нічым ня будуць кіраваць. У кнізе чытач гуляе па сваіх правілах, як і аўтар. Добры чытач, дарэчы, будзе ненавідзець гэтую згаданую, як мінімум трохгаловую, гідру, добры чытач наогул успрымае кнігу з адлегласьці, ён па-за часам і па-за сучаснасьцю. Ён з тых, хто можа гадзінамі назіраць заход сонца, як гэта калісьці ўмелі нават самыя далёкія ад мастацтва нашыя продкі, ён не адмовіцца ад такой магчымасьці, наракаючы на імклівы век. Бо з заходам сонца за апошнія некалькі тысячагодзьдзяў  нічога ня здарылася, нешта здарылася з намі, і гэта сумна.

 

Я неаднаразова казаў, што для мяне ў пісьменьніку важная перш за ўсё ягоная здольнасьць да чараўніцтва. Наватар ён ці традыцыяналіст, інтэлектуал ці не, актуальны ці наадварот – бяз здольнасьці да чараўніцтва ён толькі нязграбны рамесьнік. Што гэта такое, літаратурнае чараўніцтва, патлумачыць цяжка. Хіба гэта ня дзіва дзіўнае, калі адна камбінацыя словаў можа давесьці чалавека да самагубства, а другая забыцца праз хвіліну? Хіба такое можа паддавацца рацыянальнаму вытлумачэньню?.. А калі яшчэ ўлічыць, што гісторыя, апісаная гэтымі словамі, выдуманая аўтарам ад пачатку да канца?.. Вось ён, добры пісьменьнік: чараўнік, дарослы казачнік. Унутрана вольны чалавек, які не баіцца дзяржаўнай анафемы ці грамадзкага асуджэньня. Гэта аўтар твораў, якія толькі ён адзін і мог напісаць (а колькі ў нашых кнігарнях кніг, якія з тым жа посьпехам маглі належаць пяру сотні іншых літаратараў!). Гэта чулы чалавек, для якога словы “не бяры да галавы” або “не бяры да сэрца” – бязглузды набор гукаў. Гэта чалавек, здольны да самаіроніі. І нарэшце -- адукаваны. На эскіз гэта ўжо цягне, для партрэту не хапае фарбаў ды сьветлаценю.

 

Дзе месца літаратуры?.. У маленькай букіністычнай краме, уваход у якую ня так і проста заўважыць сярод тлуму гандлёвай вуліцы шумнага ўсходняга гораду. Прайсьці ў самы далёкі пакой, прысесьці на цыноўку ценю, выпіць гарбаты, выцерці ўспацелыя далоні, узяць яе, з шурпатай вокладкай, прахалодную, ужо прадчуваючы, як неўзабаве соладка зацячэ рука… І гаспадар ціха прычыніць за табой дзьверы.

Гэта – месца маёй літаратуры. Цалкам можа быць, што сапраўдная будучыня літаратуры – інтэрнэт. Спадзяюся, я да гэтай сьветлай эпохі не дажыву. У інтэрнэце друкуюцца тыя, хто не заслугоўвае кніг.

 

У нядаўнім інтэрвію часопісу “Партызан” я выказаўся наступным чынам. Мілан Кундэра сказаў неяк, што “судзіць нас будзе толькі сучаснасьць”. Але што гэта такое, сучаснасьць, у дачыненьні да мастацтва?

Калі мы кажам у побыце пра вечнае,  мы зазвычай маем на ўвазе ўласнае жыцьцё, ягоную магчымую працягласьць. Нам цяжка ўявіць час як бясконцасьць, таксама як мы няздатныя ўсьвядоміць бясконцасьць сусьвету. Але вось ў добрых кніг маецца шанец застацца ў вечнасьці. Бо добрая літаратура дасьледуе фэномэны чалавечага існаваньня, а не ягоныя часовыя формы. Дакуль будзе існаваць чалавецтва, будуць існаваць каханьне ды сьмерць, здрада ды зайздрасьць, славалюбства ды нянавісьць, апантанасьць і няроўнасьць, і выпадак будзе парушаць заканамернасьці, і сярод мільёну здаровых, разважлівых і гуманных знойдзецца хаця б адзін нязгодны, хворы ці абыякавы. Сучаснасьць -- толькі дэкарацыі, і якую б важную ролю яны ні адыгрывалі, яе нельга назваць вызначальнай. А добрая літаратура будзе актуальнай заўсёды.

… І я цудоўна разумею майго героя, Хадака зь “Ніякай літасьці Валянціне Г.”, калі ён уяўляе сабе, “як саркастычна пасьміхаецца, кладучы ў рот чарговую, неўміручую, бяскосную вінаградзінку, муза Кліо, назіраючы за шумлівымі намаганьнямі хадаковых суайчыньнікаў”.

 

Як вы ставіцеся да пісьменьніцкіх аб’яднаньняў і суполак? У чым для вас розьніца паміж ББЛ і “Шмэрцвэркам”? Чаму вырашылі ўступіць у Саюз беларускіх пісьменьнікаў у такі складаны для гэтай арганізацыі час?

           

Я пачуваюся вельмі самотным з усімі гэтымі сваімі сумнеўнымі й неаб’ектыўнымі поглядамі на літаратуру, якія тым ня менш магу сабе дазволіць і якія высьпявалі не адзін год, пакуль я пачаў іх фармуляваць.  Вельмі самотным і таму вельмі шчасьлівым. Любыя формы калектыўнае дзейнасьці мастацтву супрацьпаказаныя. Калектыў – бязьлітасны абсарбэнт, мастак губляе ў калектыве самае каштоўнае – сваю адметнасьць ад іншых, сваю свабоду, сваё права на геніяльную памылку, а яшчэ ён страчвае права адказваць за свае творы толькі перад самім сабой. Бо там, дзе паўстае калектыў, адразу ўзьнікае пэўная гіерархія, і агульныя задачы, якім ты вымушаны аддаваць перавагу перад уласнымі, і вось ужо на жывёлу альфа з другога канца загону тужліва й тупа глядзіць жывёла амега, і ты, ствараючы нешта, пачынаеш задумвацца: а ці не пакрыўдзяцца на цябе твае дабразычліўцы, і што скажа старая міс Грандзі? У выніку супольнай працы добра атрымліваюцца толькі прымітыўныя мэханізмы.

 

Я – сам сабе рэжысэр і актор, раб і гаспадар, забойца і ахвяра, і ў прафсаюзы дэміўргаў уступаць не зьбіраюся. Пагатоў сярод іх сустракаюцца зусім пачварныя: гэты новы пралукашэнкаўскі саюз графаманаў, або, напрыклад,  “Літаратурнае прадмесьце”, якое так пасьпяхова й з такімі нявіннымі тварамі дапамагае нашай злачыннай уладзе ствараць  ілюзію дэмакратыі ды пяшчотнага клопату пра маладыя таленты. На самі гэтыя таленты глядзець сумна: вось яны, сапраўдныя Дзеці Прэзыдэнта, ніякае Беларусі апрача лукашэнкаўскай яны ня бачылі, здольнасьцяў і ўнутранае свабоды ім бракуе, іхныя сьлепенькія вочкі бачаць пакуль толькі на блізкай адлегласьці. Аднак гэта дзеці, хто іх асудзіць. Пойдуць да чаргінцоўскае снопавязалкі – тады й будуць адказваць за сябе. Страшней назіраць за паводзінамі тых, хто імі цяпер кіруе, дарослых, што даўно зразумелі: лягчэй за ўсё жыць, пазьбягаючы выбару, “і нашым, і вашым, і сабе трошачкі”.

У чымсьці такія “прадмесці” – маленькія копіі дзяржаўнага графаманскага саюзу. Там таксама ёсьць два-тры таленавітыя літаратары: як яны ўжываюцца з астатнімі – вось на якое пытаньне я не магу знайсьці адказу.    

 

Гэта было так даўно: Бум – і ў мяне зьявілася магчымасьць друкавацца, удзельнічаючы ў ва ўсіх гэтых вясёлых шоў, Бам – я адчуў сябе літаратарам і перазнаёміўся з процьмай цікавых людзей, Літ – і я нарэшце ўцяміў, што быў на працягу некалькіх гадоў толькі юным лайдаком (= прафэсыйным рэвалюцыянэрам), аўтарам пары дзясяткаў вершыкаў, зь якіх сапраўдную эстэтычную каштоўнасьць уяўляюць хіба “Нямецкая мова” ды яшчэ два-тры не настолькі вядомых.

“Шмэрцвэрк” для мяне – перш-наперш вузкае кола сяброў, кожны зь якіх надзвычай таленавіты, зь якімі прыемна выпіваць і гутарыць. Яшчэ “Шмэрцвэрк” – добрая шыльда для таго, каб ладзіць розныя акцыі. Шукаць у ім цяпер нешта большае, на мой погляд, азначае марнаваць час. Мы даўно ўжо разбрыліся па мастацкім сьвеце, кожны сам за сябе. Дый ня толькі па мастацкім.

 

Ня тое каб мне раптам вельмі закарцела стаць сябрам СБП. Проста надакучыла: пра нашае стракатае кола, толькі празь ягоную сапраўды мастацкую апалітычнасьць і незаідэалягізаванасьць, пачалі думаць як пра людзей, якім напляваць на сытуацыю ў краіне. Гэта зусім ня так. Я ненавіджу існуючы рэжым Лукашэнкі (як і любы таленавіты чалавек), я ніколі не дарую яму ягоных злачынстваў ( у тым ліку галоўнае – расправу над маімі марамі), я лічу цяперашнюю беларускую ўладу пошлай эстэтычна і напаўфашысцкай у палітычным сэньсе, і ніколі пра гэта не маўчаў, -- я стараюся скарыстаць усе мае магчымасьці, каб паведаміць грамадзянам вольнай Эўропы: у Беларусі высьпела небясьпечная язва, якая пагражае ня толькі беларусам. І пры ўсім маім скепсісе ў дачыненьні да Саюзу пісьменьнікаў я пэўны, што не дзяржаве вырашаць, існаваць яму ці не існаваць.

 

Што для вас фігура літаратурнага крытыка? Чаму пішаце па-беларуску? Як ставіцеся да расейскамоўных беларускіх аўтараў? Хто з сучасных пісьменьнікаў, на ваш погляд, найбольш цікавы?

 

Гэта нарэшце дакацілася й да беларускай літаратуры: шмат якія крытыкі перасталі пісаць крытычныя артыкулы й пачалі ствараць такія сабе крытычныя эсэ; іншымі словамі, літаратура крытыкам ужо не патрэбная, яны самі адчуваюць сябе ня менш як мастакамі, а не навукоўцамі, нейкай там галіною літаратуразнаўства, як раней. “Не хочу быть столбовою дворянкой, а хочу быть вольною царицей!..” Можа, яно й добра, я вось у свой час зачытваўся абсалютна імпрэсіянісцкай крытыкай Вольгі Слаўнікавай, расейскай дасьледчыцы і пісьменьніцы… Ці то таму, што сп. Слаўнікава сама не абы-які празаік,  і яе тэксты, прысьвечаныя сучаснай расейскай літаратуры, былі абгрунтаваныя, карэктныя ў дачыненьні да аўтараў й пры тым пазбаўленыя ўсялякіх догмаў і страхаў, ці то таму, што вялося там не пра мяне – але да такое крытыкі нам далёка. Хаця прагрэс відавочны: я, напрыклад, зь цікавасьцю й прыхільнасьцю стаўлюся да працаў Ірыны Шаўляковай, вопытаў (у мантэнеўскім сэньсе слова) Вікі Трэнас… Файным крытыкам мог бы стаць Юрась Барысевіч, калі б ня быў “вольным мастаком і халодным філёзафам”. Добры крытык – гэта не абавязкова добры літаратар, але заўсёды добры і ўважлівы чытач.

 

Адказваць крытыкам – дурная, бессэнсоўная справа, аднак, бывае, я ня стрымліваюся, бо пісьменьнік жа, а не Муцый Сцэвола. Гідка становіцца, калі, нават не прачытаўшы твор, такія крытыкі лезуць да яго са сваім убогім інструмэнтарыем, а потым, трапіўшы ў тупік і шкадуючы патрачаны час, усё адно публікуюць накрэмзаную лухту. Многім зь іх чамусьці здаецца, што паміж мной, аўтарам, і прыдуманымі мной героямі няма ніякае розьніцы, што ўсе мае творы аўтабіяграфічныя – недаравальная памылка! натуральна, такім крытыкам, якім недаступныя  горныя вяршыні мастацкага вымыслу, цяжка паверыць у тое, што твор можа зьявіцца дзякуючы адной толькі сіле фантазіі. Ня трэба вучыць чараўніка чараўніцтву, калі сам ня можаш распавесьці дзіцю казкі на ноч. Іншыя абвінавачваюць аўтара ў залішніх мастацкіх выбрыках, не задумваючыся, што выбрыкі – гэта і ёсьць луска літаратуры, якая адрозьнівае яе ад аднаклетачнай журналістыкі. Трэція (найбрыдкія!) ведаюць, што напішуць, нават не пачаўшы чытаць твор. Чацьвертыя чытаюць, запамінаючы ў тэксьце толькі тое, што адпавядае іхным меркаваньням пра аўтара. Пятыя ўпэўненыя, што галоўнае ў кнізе – сюжэт, шостыя – што ідэі… У значнасьць стылю ня верыць ніхто. Сёмыя хваляць мае тэксты за тое, што я бы ніколі туды не ўпусьціў… І нарэшце ёсьць яшчэ адна парода: для іх якасьць твора наўпрост залежыць ад апісаных там сутаргаў нашай гаротнай Бацькаўшчыны. І калі яе агонія там аніяк не закранаецца, яны паціскаюць плячыма, адкладваюць кнігу ўбок і пачынаюць нудзець: “Гэтыя вашыя кнігі… Іх ніхто ня будзе чытаць…”. На шчасьце, гэтае нудзеньне – усяго толькі від самаўнушэньня.

 

Добра, калі крытыка, які садзіцца працаваць, цікавіць літаратурны твор. У гэтым выпадку я магу сьцярпець усё, што б пра мяне не напісалі. Значна горш, калі крытыка цікавіць ТЭНДЭНЦЫЯ. Тады ўсё цягнецца ў мех: вырваныя з кантэксту цытаты, ніжняя бялізна пэрсанажаў, фрэйдызм і іншыя трызьненьні, найноўшыя філязофскія ідэі, Біблія, інтэрнэт, палітыка, клясыка і афарызмы Пруткова, у вадну шарэнгу шыхтуюць самых розных пісьменьнікаў, у тым ліку памерлых, што папросту подла, і абавязкова побач будуць швэндацца гэтыя два таварышы, як іх там – цяжка сабе ўявіць беларускую літаратурную крытыку бязь іхнай разгубленай прысутнасьці, о, успомніў: Хайдэгер і Хабермас.

 

Калі я быў школьнікам, мне заўсёды больш падабалася гуляць у тыя гульні, якія я прыдумаў сам, чым у ўжо існуючыя. Насамрэч і прыяцелям мае гульні падаваліся больш цікавымі. Гэта працягваецца й цяпер. Калі б беларускай мовы не існавала, яе варта было б прыдумаць. Проста таму, што цікавей шпацыраваць па вуліцы, чым сядзець дома суткі ў адной позе. Таму, што лепш, і весялей, і карысьней мець сваю мову, сваю краіну, сваю дзяржаву, свае кнігі, свае гульні, свае грошы, свае думкі, свой сьвет, чым карыстацца чужымі, хай сабе й больш прэстыжнымі.

Беларуская расейскамоўная літаратура заўсёды была й будзе правінцыйнай, затхлай, прымітыўнай і нікому не патрэбнай ні ў былой мэтраполіі, дзе яе справядліва лічаць “трэцім гатункам”, ні тут, дзе   расейскамоўная чытацкая публіка натуральным чынам аддае перавагу аўтарам з Масквы, Санкт- ці Екацярынбургу.

Мне сьмешна ад усіх гэтых Аўруціных і Алексіевіч, правінцыйных няздарнасьцяў… І мяне цешыць, што многія маладыя пісьменьнікі і паэты, якія пачыналі пісаць па-расейску, пераходзяць на беларускую мову, зразумеўшы усю беспэрспэктыўнасьць “велікого і могучего” на гэтай дзіўнай сваёй Радзіме. Тыя ж, хто гэтага не разумее, назаўжды застануцца “ литературнымі звездами Минска, провинциального городка где-то в Северо-Западном крае”. У лепшым выпадку курэйчыкамі (даводзіцца, мусіць, шмат зрабіць плястычных апэрацыяў на ўласнай душы, каб стаць сваім у абедзьвюх сталіцах імпэрыі), у горшым – нікому не цікавым ні тут, ні ў гэтых дзьвюх сталіцах, ні ў якіх заўгодна іншых.

У беларускамоўнай літаратуры мала чытачоў,  але яны разумныя і адданыя мове. Да таго ж кожны карыстальнік беларускай ці  дзьвюхмоўны – гэта чалавек  зь як мінімум сярэднім узроўнем культуры. І нарэшце – у беларускай літаратуры лёгка быць першым хаця б у нечым: тут яшчэ шмат неасвоенага, тут няма мітусьні, хаця ўжо ёсьць зайздрасьць…

 

Пры ўсім гэтым  я зусім не русафоб, дый як можа быць русафобам чалавек, для якога адным з трох найлепшых пісьменьнікаў мінулага стагодзьдзя (цудоўнага стагодзьдзя, nicht wahr?) застаецца Набокаў. Дзьве іншыя неаспрэчныя, грандыёзныя велічыні – Кафка і Джойс (як аўтар “Улісу”). Усе яны зрабілі на мяне ні з чым не параўнальны ўплыў, і да іх я зьвяртаюся дагэтуль, каб іхная раскошная проза вярнула мне веру ў магутнасьць літаратуры.

Але гэта ня значыць, што да астатніх пісьменьнікаў я абыякавы. Гогаль, Данііл Хармс,  Сэбасьцьян Найт, Міхаіл Булгакаў, Джон Апдайк, Джон Фаўлз,  Генрых Бёль, Ален Роб-Грые, Гюнтэр Грас, Джон Шэйд, Бродзкі, Эльфрыдэ Елінэк… Вось россып наўздагад тых, хто мяне прывёў у захапленьне… З апошніх сваіх адкрыцьцяў адзначу Юрыя Андруховіча.

 


Якія тэмы вас найбольш хвалююць?

 

            Вось што цікавіць мяне больш за ўсё, у жыцьці, у літаратуры, або ў жыцьці, якое стала, магло стаць або стане літаратурай (я вучуся на чараўніка, таму ня буду прыкідвацца інтэлектуалам і назаву ўсё ўроскід, агульна, бессыстэмна, без папярэдняга абдумваньня, так цікавей). Чалавечая апантанасьць. Улада чалавека над чалавекам. Вымушаныя ўчынкі. Сьмерць. Сьмех. Зайздрасьць. Здрада. Выпадак і лёс. Пошласьць ва ўсіх праявах. Фанатызм. Лябірынты. Люстэркі. Алькаголь. Гульні. Боль. Гісторыя. Анатомія. Разнастайныя паталёгіі.  Альгерд Бахарэвіч. Мовы. Грошы. Міты. Чужаніцы. Сэкс. Слова. Цацкі. Маскі. Страхі. Не, фобіі. Каханьне. Нежывая прырода. Статуі. Норы. Дзьверы. Улада. Маленькае слова “як”, з дапамогай якога можна канкрэтызаваць гэты вар’яцкі сьпіс. Напрыклад, Альгерд Бахарэвіч як страх. Ці фанатызм як пошласьць. Ці боль як улада.

           

Чалавечая апантанасьць як слова.

 

           

Як вы ўяўляеце сабе свайго чытача?

 

Мне хацелася б, каб мяне чыталі тыя, для каго я пішу. Чулыя, тонкія, ранімыя, далікатныя людзі з парай-тройкай прыгожых заганаў, людзі, якія, адчуўшы ўнутры загадкавае трымценьне ад нейкага ўдалага фрагмэнту выкладзенай мной  мазаікі, ніколі ня скажуць, напрыклад, наступным чынам: “Як цудоўна аўтар спалучае фантазію з жывым уражаньнем, летуценьне зь непасрэдным пачуцьцём, выкліканым сапраўднасьцю! Гэтая проза, шчыльна зьнітаваная ў непарыўнае адзінства асабістага і агульнага, бруіцца шматфарбнымі адценьнямі пачуцьцяў і выпраменьвае яскравыя спэктры эмоцыяў!” (цытата з надрукаванай у “Дзеяслове” рэцэнзіі на адзін нікім не заўважаны  паэтычны зборнік малавядомага аўтара).

Людзі, для якіх чытаць – гэта ня толькі складваць літары ў словы.

Пішучы, мы ні да каго канкрэтна не зьвяртаемся. Я ўяўляю сябе на ярка асьветленай сцэне, і ведаю, што мне зь яе не ўцячы, глядзельная заля перада мной тоне ў цемры, і немагчыма зразумець, колькі там насамрэч людзей, і ці слухаюць яны, ці пазіраюць на мяне – або мірна сьпяць. І калі хто-небудзь выгукне зь цемры: “Досыць! Канчай нудзець!”, то гэта яшчэ ня значыць, што астатнія з гэтым згодныя, як ня значыць і таго, што ў залі ёсьць нехта апрача нецярплівага крыкуна.


Гутарыла І. Агіеўская

Profile

Durch
[info]bacharevic
bacharevic

Latest Month

May 2012
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
Powered by LiveJournal.com